Доўгіпост. Павучальная гісторыя. Пра неанаталогію 6ГКБ радзільнага аддзялення. 26 лістапада нарадзіла ў 6 радзільні сыночка. На другі дзень аналіз дзіцяці паказаў падвышаныя лейкацыты і нам прызначылі паўторны агульны аналіз, на трэці дзень мы пажаўцелі і ў нас узялі біяхімію. Па рэзультатах агульнага аналізу крыві была бачна станоўчая дынаміка лейкацытаў. З аналізу біяхіміі вынікала, што падвышаны С-рэактыўны бялок, таксама білірубін нязначна вышэй нормы і высокая мачавіна, што можа сведчыць аб абязвожванні. Для мяне было празрыста тое, што можа быць вялікая страта вадкасці, за кошт таго, што ў палаце проста пекла, а дзіцё есь выключна малозіва і зможа аднавіць свой баланс, калі пойдзе малако і будуць нармальныя умовы тэмпературы і вільготнасці, жаўтушка таксама не мае нічога страшнага, бо жаўцее вельмі шмат дзяцей і мой першы сын быў не выключэннем, зараз вось другі. Нам прызначылі кропельніцу з глюкозай і фізрастворам і УФ-лямпу. І 3 дні курс антыбіётыкаў. Улічваючы інфармацыю аб станоўчай дынаміцы па лейкацытах прасіла паўтарыць на наступны дзень і па выніках ужо арыентавацца, магчыма, мы зможам пазбегнуць антыбіётыкаў дзеля прафілактыкі інфекцыі. Вядома ж мяне пачалі пужаць сэпсісам і іншымі страшнымі рэчамі, але так ніхто і не змог патлумачыць, чаму станоўчая дынаміка раптам можа змяніцца настолькі кардынальна, што антыбіётык не можа пачакаць адны содні. У адступленні скажу, што не дарма я, калі была цяжарная Усяславам, вольны час праводзіла ў кампаніі відэа і кніг Камароўскага. Чаму я дакладна навучылася, дык гэта таму, што за сваіх дзяцей адказваем у першую чаргу МЫ самі, а яшчэ, што ніякай прафілактыкі антыбіётыкамі не існуе, за выключэнне рэдкіх выпадкаў, накшталт кантакта з коклюшным хворым і даведалася, што лячыць трэба дыягназы, хваробы, а не аналізы. У дактароў ёсць пратаколы, крымінальная адказнасць і тысячы дзяцей, якія праходзяць праз іх за жыццё, а ў мяне ёсць мозг, здаровы сэнс і ўсяго 2 маленькіх чалавекі, якія пакуль што ня здольныя самі абараніцца. Сказаць, што трэці дзень у радзільні стаў для пяне пеклам мала. Спачатку, пачуўшы прызначэнні ад нашага доктара, я пачала панікаваць. Слёзы ліліся з вачэй, таму што мне ніхто не патлумачыў чаму так, чаму антыбіётык. Затым, я ўзяла сябе ў рукі і пачала думаць, у каго могуць быць патрэбныя мне сувязі, тэлефанаваць знаёмым, сябрам, шукаць альтэрнатыўнага меркавання. І нарэшце мне параілі доктара з дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, я і раней шмат чула аб ім, ведала, што ён не прыхільнік антыбіётыкаў на любы выпадак і яго метады лячэння мне падабаліся. Патэлефанавала яму. Дзякуй Вам, добры чалавек Кірыл, менавіта такім павінны быць сапраўдны лекар, ён мяне выслухаў, паразмаўляў і нічога пры гэтым не прасіў, проста так, дыстанцыйна дапамог незнаёмаму чалавеку! Я апісала яму нашу сітуацыю, усе фактары на якія спасылаліся мясцовыя дактары, мой анамнэз, на які яны таксама наракалі. Той выслухаў мяне і падтрымаў жаданне пераправерыць і паназіраць. Даў мне рэкамендацыі, пераправерыць аналізы, я апісала яму ўсё што ведала, пра мачавіну і білірубін, лейкацыты і С-рэактыўны бялок. Ён сказаў, на якія паказчыкі арыентавацца, што пры нашых лейкацытах 31, калі гэты бялок 15-16, то не вельмі страшна, а калі 60-70 трэба шукаць інфекцыю. Гэта ўсё, што мне было патрэбна, я вырашыла дзейнічаць згодна з гэтым, калі будзе небяспека, пагаджуся на лячэнне, не – будзем назіраць дынаміку. Ужо супакоіўшыся, я пайшла на пост, там намі павінна была займацца ўжо іншая доктарка з інтэнсіўнай тэрапіі. Я папрасіла паказаць мне аналізы, і што я там пабачыла, лейкацыты 31, бялок 10 пры норме да 6. Я пачала адмаўляцца ад АБ, але на мяне зноў пачалі ціснуць і пужаць. Маё меркаванне было непахісным: нам патрэбны яшчэ дзень! Але ў той жа час, я пагадзілася на лямпу і кропельніцу. Дзіцё павезлі, а я спытала, калі змагу яго забраць, як мехам па галаве атрымала: праз содні! Пацікавіўшыся, як я буду яго карміць, яшчэ адзін мех: “Ніяк! У нас не прадугледжана. Будзем карміць сумессю!” Я зноў пачала настойваць, што маю права карміць сваё дзіця, што такія ўмовы бесчалавечныя, што гэта не адпавядае правам майго сына і прынцыпам сяброўскім да груднога выкормлівання. У выніку мне паабяцалі даць паразмаўляць з загадчыцай. Пакуль я чакала загадчыцу, зноў накаціла хваля істэрыі. Зноў пачала раўсці і не магла супакоіцца. Гэта проста быў нейкі іншы свет і разбураныя ідэалы. Тым часам прыйшла загадчыца. Паспрабавала мне патлумачыць зноў нашыя аналізы і прызначэнні, я яе абарвала, сказала, што ўсё разумею і на цяперашні момант мяне хвалюе тэма кармлення. Дзеля справядлівасці адзначу, што з асабістага дазволу загадчыцы, я атрымала магчымасць сцэжваць малако і насіць яго на пост. Але тэма антыбіётыкаў зноў была адкрыта, мяне чамусьці хацелі напужаць, што перавядуць у 3 дзіцячую бальніцу, што мы там будзем невядома колькі ляжаць і самі разбірацца са сваёй дынамікай. Па шчырасці я так і не зразумела, чаму 3 бальніца страшнейшая за 6 радзільню. Дамовіліся заўтра пераглядзець паказчыкі аналізаў. На наступны дзень прыйшла доктар з нашага аддзялення і з тварам нібыта надыйшоў канец свету паведаміла, што загадчыца хоча са мной паразмаўляць. Я на ватных нагах павалаклася на пост. Але там я пачула толькі тое, што дзіцё выглядае лепей, што яго мне скора аддадуць і што мне хочуць паведаміць, пра новыя аналізы, як я гляджу на тое каб іх узяць. Я вядома ж была пазітыўна пастаўлена да гэтага, пагадзілася і накіравалася ў бокс. Калі прыйшлі новыя рэзультаты аналізаў, з незадаволенымі тварамі мне паведамілі, што “на фоне кропельніцы з фізрастворам і глюкозкай, паказчыкі лейкацытаў і с-рэактыўнага бялку стабілізаваліся і прыйшлі ў норму”! Я канешне не доктар, але гэта было чуць дзіўна… нібыта нейкая прыдуманая інфекцыя вылечылася вадой і ежай… Ну ды ладна, яны проста абаранялі свой гонар. Сказаць, што я была сабой жудасна задаволена? Гэта і так зразумела. У той самы момант я ўжо хацела хутчэй схапіць сына і бегчы адтуль не абарочваючыся… Але нас не захацелі выпісаць, спасылаючыся на тое, што па пратаколах пасля кропельніцы не маюць права. Хаця паўтаруся, капалі нам глюкозку. Калі я заявіла, што хачу сыйсці пад сваю адказнасць, загадчыца адмовіла мне ў катэгарычнай форме, заявіўшы, што нічога не падпіша і дакументы нам не аддась, мы можам сабрацца і ісці так, але яна нас нікуды не адпускае. Зноў я была жудасна раззлавана, пачала хадзіць за загадчыцай і патрабаваць, каб нас выпісалі. Пазней мая суседка накіравалася дамому і ў боксе засталіся толькі мы з Янкам. Я змірылася, што яму мама зараз патрэбна спакойная і побач, пакінула з мірам усіх гэтых дактароў. Цікава, што пасля гэтай неверагодна складанай працэдуры, праз якую нас не хацелі адпускаць, ад абеду і да самай раніцы наступнага дню намі аніхто не цікавіўся, не заходзіў нават зірнуць, як там дзіцё без кропельніцы адыходзіць… Апошняй раніцай а 9 гадзіне нас асабіста паклікалі на агляд да загадчыцы. Тая разгледзела Яна з усіх бакоў і, не знойшоўшы больш нагоды нас утрымліваць, блаславіла на выпіску. А маглі яшчэ 2 дні дзіцяці антыбіётыкі ўліваць для прафілактыкі. Такі ўрок падкінула мне жыццё. Гэта сітуацыя лішні раз даказвае, што заўсёды трэба мець сваю галаву, цікавіцца здароўем і галоўнымі, базавымі прынцыпамі медыцыны, пераправяраць 100 разоў, ці знайсці свайго доктара, якому магчыма будзе слепа давяраць. Разважаючы і пераварваючы сітуацыю, я прыйшла да выніку, што не наша медыцына такая дрэнная, а сістэма паставіла дактароў у такія ўмовы, што лепей яны перастрахуюцца, а потым скажуць: “Мы зрабілі што маглі, а гэта вы, мамачка, на герпес хварэлі 2 разы, ды і піеланефрыт вунь у вас хранічны, ну і нічога што 5 год не абвастраўся…” Але адзінага я так і не зразумела: “Чаму, калі бярэш на сябе адказнасць, пішаш распіску, яны не спыняюцца і працягваюць свае маніпуляцыі і запужванні?” Можа мне хто падкажа. Вось, у мяне ўсё.
Сябры, я ведаю, што за стан беларускай мовы перажываюць тут далёка не ўсе, але сітуацыя зараз такая, што ў Менску шмат нібыта беларускамоўных групак у садках, але на самой справе групкі наведваюць звычайныя дзеткі з рускамоўных сем'яў і канешне ж, калі нават 2 дзіцёнка з беларускамоўных сем'яў прыйдуць у гэтую групку, з імі лічыцца ніхто не хоча. Таму зараз мы супольнасцю беларускамоўных бацькоў стварылі петыцыю, з запытам забяспечыць механізм уліку жадаючых навучаць дзетак на мове. У рамках гэтых умоўна беларускамоўных груп змагацца за мову цяжка, таму што бацькі рускамоўных дзетак вядома не хочуць каб рэалізоўваўся афіцыйны статус групкі. Таму мы хацім, каб пры пастаноўцы на ўлік можна было адзначыць сваё жаданне і пры стварэнні групак адміністрацыя магла забяспечыць нашых дзетак сапраўднымі беларускамоўнымі групкамі. Ад вас прашу падпісаць петыцыю, калі ласка! Проста калі ў вас ёсць пачуццё справядлівасці, мы і нашыя дзеткі будзем вам вееельмі ўдзячны! https://petitions.by/petitions/1161#.Wglw2lhaeak.facebook
#флешмоб_о_себе_любимой Вырашыла і я падтрымаць флэшмоб. Мяне завуць Юлія, мне 25 гадоў, праз некалькі тыдняў будзе 26. Нарадзілася я ў Менску. Вучылася 7 гадоў у беларускамоўным класе звычайнай сярэдняй школы. Крыўдавала на бацькоў за тое, што мяне туды запіхалі. Але вольных месцаў у рускамоўным класе з ангельскай мовай з першага не заставалася. Ніколі не мела схільнасцяў да моў, але мама казала "так трэба". У дзяцінстве марыла стаць цырульнікам, нават збіралася ў каледж пасля 10 класа, але перадумала і пайшла ў БДЭУ на факультэт турызму. Не пашкадавала, бо вучыцца было цікава, і калі ўжо атрымліваць адукацыю дзеля дыплома, няхай хаця вучоба будзе цікавай. Пасля 3-га курса паехала на лета ў Амерыку па праграме work and travel. Працавала і жыла на Атлантычным узбярэжжы, наведала Вашынгтон, Ніагару, Нью Йорк. Вярнуўшыся дадому востра адчула любоў да Радзімы, стала цікавіцца гісторыяй, культурай, мовай. Знайшла суполку па інтарэсах і пазнаёмілася з аднадумцамі, сярод якіх быў і мой будучы муж. Тады ж разыйшлася канчаткова з хлопцам, з якім была 4 гады, бо ён не падзяляў маіх інтарэсаў і адмоўна ставіўся да майго жадання "размаўляць". З маім Яўгенам мы моцна пасябравалі, сябры пачалі жартаваць, што нам трэба сустракацца. Аднойчы прыйшоў дзень, калі ён сказаў, што не хоча больш быць проста сябрам і прапанаваў адносіны. Я тады вучылася на пятым курсе. Мы пачалі сустракацца, неўзабаве праз некалькі месяцаў я пераехала да яго. Вучылася і працавала ў турагенцыі. Ладзіла бас туры на канцэрты, фэстывалі, суправаджала групы. Яўген катаўся са мной. Праз два гады ён зрабіў мне прапанову і я пагадзілася. Тое, што нашае вяселле будзе беларускім, з нацыянальным каларытам не было сумневу і праз 9 месяцаў мы адгулялі сваё душэўнае вяселле з музыкамі і народнымі танцамі. Мы збіраліся адразу пачаць "працу" над дзеткамі. Але дактары мне амаль не пакідалі шансаў зацяжарыць самой. Тры месяцы гармонаў і стымуляцый не далі рэзультатаў. Параіўшыся з мужам, мы вырашылі кінуць лячэнне да наступнага году і пажыць для сябе. У нас быў шыкоўны мядовы месяц з маршрутам Рыга-Канны-Манака-Парыж-Люксембург-Канны-Рыга-Менск. Праз два месяцы пасля вяртання дадому, я пачала адчуваць сябе незвычайна, пасля затрымкі месячных у 4 дні тэст паказаў дзве палосачкі. Зараз мы з маім каханым мужам рыхтуемся да зьяўлення нашага першага сыночка Усяславушкі. Не шкадую ніводнай перажытай мной хвіліны. Лічу і адчуваю сябе цалкам шчаслівай. Веру, што гэта рэзультат маіх пазітыўных думак і пасылаў у Сусвет.
Татьяна ·Мама сына (1 год)
·Ответить