Доўгіпост. Павучальная гісторыя.
Пра неанаталогію 6ГКБ радзільнага аддзялення.
26 лістапада нарадзіла ў 6 радзільні сыночка. На другі дзень аналіз дзіцяці паказаў падвышаныя лейкацыты і нам прызначылі паўторны агульны аналіз, на трэці дзень мы пажаўцелі і ў нас узялі біяхімію. Па рэзультатах агульнага аналізу крыві была бачна станоўчая дынаміка лейкацытаў. З аналізу біяхіміі вынікала, што падвышаны С-рэактыўны бялок, таксама білірубін нязначна вышэй нормы і высокая мачавіна, што можа сведчыць аб абязвожванні. Для мяне было празрыста тое, што можа быць вялікая страта вадкасці, за кошт таго, што ў палаце проста пекла, а дзіцё есь выключна малозіва і зможа аднавіць свой баланс, калі пойдзе малако і будуць нармальныя умовы тэмпературы і вільготнасці, жаўтушка таксама не мае нічога страшнага, бо жаўцее вельмі шмат дзяцей і мой першы сын быў не выключэннем, зараз вось другі. Нам прызначылі кропельніцу з глюкозай і фізрастворам і УФ-лямпу. І 3 дні курс антыбіётыкаў. Улічваючы інфармацыю аб станоўчай дынаміцы па лейкацытах прасіла паўтарыць на наступны дзень і па выніках ужо арыентавацца, магчыма, мы зможам пазбегнуць антыбіётыкаў дзеля прафілактыкі інфекцыі. Вядома ж мяне пачалі пужаць сэпсісам і іншымі страшнымі рэчамі, але так ніхто і не змог патлумачыць, чаму станоўчая дынаміка раптам можа змяніцца настолькі кардынальна, што антыбіётык не можа пачакаць адны содні.
У адступленні скажу, што не дарма я, калі была цяжарная Усяславам, вольны час праводзіла ў кампаніі відэа і кніг Камароўскага. Чаму я дакладна навучылася, дык гэта таму, што за сваіх дзяцей адказваем у першую чаргу МЫ самі, а яшчэ, што ніякай прафілактыкі антыбіётыкамі не існуе, за выключэнне рэдкіх выпадкаў, накшталт кантакта з коклюшным хворым і даведалася, што лячыць трэба дыягназы, хваробы, а не аналізы. У дактароў ёсць пратаколы, крымінальная адказнасць і тысячы дзяцей, якія праходзяць праз іх за жыццё, а ў мяне ёсць мозг, здаровы сэнс і ўсяго 2 маленькіх чалавекі, якія пакуль што ня здольныя самі абараніцца.
Сказаць, што трэці дзень у радзільні стаў для пяне пеклам мала. Спачатку, пачуўшы прызначэнні ад нашага доктара, я пачала панікаваць. Слёзы ліліся з вачэй, таму што мне ніхто не патлумачыў чаму так, чаму антыбіётык. Затым, я ўзяла сябе ў рукі і пачала думаць, у каго могуць быць патрэбныя мне сувязі, тэлефанаваць знаёмым, сябрам, шукаць альтэрнатыўнага меркавання. І нарэшце мне параілі доктара з дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, я і раней шмат чула аб ім, ведала, што ён не прыхільнік антыбіётыкаў на любы выпадак і яго метады лячэння мне падабаліся. Патэлефанавала яму. Дзякуй Вам, добры чалавек Кірыл, менавіта такім павінны быць сапраўдны лекар, ён мяне выслухаў, паразмаўляў і нічога пры гэтым не прасіў, проста так, дыстанцыйна дапамог незнаёмаму чалавеку! Я апісала яму нашу сітуацыю, усе фактары на якія спасылаліся мясцовыя дактары, мой анамнэз, на які яны таксама наракалі. Той выслухаў мяне і падтрымаў жаданне пераправерыць і паназіраць. Даў мне рэкамендацыі, пераправерыць аналізы, я апісала яму ўсё што ведала, пра мачавіну і білірубін, лейкацыты і С-рэактыўны бялок. Ён сказаў, на якія паказчыкі арыентавацца, што пры нашых лейкацытах 31, калі гэты бялок 15-16, то не вельмі страшна, а калі 60-70 трэба шукаць інфекцыю. Гэта ўсё, што мне было патрэбна, я вырашыла дзейнічаць згодна з гэтым, калі будзе небяспека, пагаджуся на лячэнне, не – будзем назіраць дынаміку.
Ужо супакоіўшыся, я пайшла на пост, там намі павінна была займацца ўжо іншая доктарка з інтэнсіўнай тэрапіі. Я папрасіла паказаць мне аналізы, і што я там пабачыла, лейкацыты 31, бялок 10 пры норме да 6. Я пачала адмаўляцца ад АБ, але на мяне зноў пачалі ціснуць і пужаць. Маё меркаванне было непахісным: нам патрэбны яшчэ дзень! Але ў той жа час, я пагадзілася на лямпу і кропельніцу. Дзіцё павезлі, а я спытала, калі змагу яго забраць, як мехам па галаве атрымала: праз содні! Пацікавіўшыся, як я буду яго карміць, яшчэ адзін мех: “Ніяк! У нас не прадугледжана. Будзем карміць сумессю!” Я зноў пачала настойваць, што маю права карміць сваё дзіця, што такія ўмовы бесчалавечныя, што гэта не адпавядае правам майго сына і прынцыпам сяброўскім да груднога выкормлівання. У выніку мне паабяцалі даць паразмаўляць з загадчыцай.
Пакуль я чакала загадчыцу, зноў накаціла хваля істэрыі. Зноў пачала раўсці і не магла супакоіцца. Гэта проста быў нейкі іншы свет і разбураныя ідэалы. Тым часам прыйшла загадчыца. Паспрабавала мне патлумачыць зноў нашыя аналізы і прызначэнні, я яе абарвала, сказала, што ўсё разумею і на цяперашні момант мяне хвалюе тэма кармлення. Дзеля справядлівасці адзначу, што з асабістага дазволу загадчыцы, я атрымала магчымасць сцэжваць малако і насіць яго на пост. Але тэма антыбіётыкаў зноў была адкрыта, мяне чамусьці хацелі напужаць, што перавядуць у 3 дзіцячую бальніцу, што мы там будзем невядома колькі ляжаць і самі разбірацца са сваёй дынамікай. Па шчырасці я так і не зразумела, чаму 3 бальніца страшнейшая за 6 радзільню. Дамовіліся заўтра пераглядзець паказчыкі аналізаў.
На наступны дзень прыйшла доктар з нашага аддзялення і з тварам нібыта надыйшоў канец свету паведаміла, што загадчыца хоча са мной паразмаўляць. Я на ватных нагах павалаклася на пост. Але там я пачула толькі тое, што дзіцё выглядае лепей, што яго мне скора аддадуць і што мне хочуць паведаміць, пра новыя аналізы, як я гляджу на тое каб іх узяць. Я вядома ж была пазітыўна пастаўлена да гэтага, пагадзілася і накіравалася ў бокс. Калі прыйшлі новыя рэзультаты аналізаў, з незадаволенымі тварамі мне паведамілі, што “на фоне кропельніцы з фізрастворам і глюкозкай, паказчыкі лейкацытаў і с-рэактыўнага бялку стабілізаваліся і прыйшлі ў норму”! Я канешне не доктар, але гэта было чуць дзіўна… нібыта нейкая прыдуманая інфекцыя вылечылася вадой і ежай… Ну ды ладна, яны проста абаранялі свой гонар. Сказаць, што я была сабой жудасна задаволена? Гэта і так зразумела. У той самы момант я ўжо хацела хутчэй схапіць сына і бегчы адтуль не абарочваючыся… Але нас не захацелі выпісаць, спасылаючыся на тое, што па пратаколах пасля кропельніцы не маюць права. Хаця паўтаруся, капалі нам глюкозку. Калі я заявіла, што хачу сыйсці пад сваю адказнасць, загадчыца адмовіла мне ў катэгарычнай форме, заявіўшы, што нічога не падпіша і дакументы нам не аддась, мы можам сабрацца і ісці так, але яна нас нікуды не адпускае. Зноў я была жудасна раззлавана, пачала хадзіць за загадчыцай і патрабаваць, каб нас выпісалі. Пазней мая суседка накіравалася дамому і ў боксе засталіся толькі мы з Янкам. Я змірылася, што яму мама зараз патрэбна спакойная і побач, пакінула з мірам усіх гэтых дактароў. Цікава, што пасля гэтай неверагодна складанай працэдуры, праз якую нас не хацелі адпускаць, ад абеду і да самай раніцы наступнага дню намі аніхто не цікавіўся, не заходзіў нават зірнуць, як там дзіцё без кропельніцы адыходзіць…
Апошняй раніцай а 9 гадзіне нас асабіста паклікалі на агляд да загадчыцы. Тая разгледзела Яна з усіх бакоў і, не знойшоўшы больш нагоды нас утрымліваць, блаславіла на выпіску. А маглі яшчэ 2 дні дзіцяці антыбіётыкі ўліваць для прафілактыкі.
Такі ўрок падкінула мне жыццё. Гэта сітуацыя лішні раз даказвае, што заўсёды трэба мець сваю галаву, цікавіцца здароўем і галоўнымі, базавымі прынцыпамі медыцыны, пераправяраць 100 разоў, ці знайсці свайго доктара, якому магчыма будзе слепа давяраць. Разважаючы і пераварваючы сітуацыю, я прыйшла да выніку, што не наша медыцына такая дрэнная, а сістэма паставіла дактароў у такія ўмовы, што лепей яны перастрахуюцца, а потым скажуць: “Мы зрабілі што маглі, а гэта вы, мамачка, на герпес хварэлі 2 разы, ды і піеланефрыт вунь у вас хранічны, ну і нічога што 5 год не абвастраўся…” Але адзінага я так і не зразумела: “Чаму, калі бярэш на сябе адказнасць, пішаш распіску, яны не спыняюцца і працягваюць свае маніпуляцыі і запужванні?” Можа мне хто падкажа.
Вось, у мяне ўсё.